У бялыніцкай бальніцы адкрыўся гістарычны музей

0
113

Пра тое, што пад Новы год планы ажыццяўляюцца хутчэй, чым у іншы час года, на ўласным прыкладзе пераканаўся галоўны ўрач ЦРБ Павел МАНЬКО. Доўгі час ён выношваў ідэю адкрыцця ва ўстанове аховы здароўя гістарычнага музея. Напрыканцы 2017 года гэта адбылося. 

– Наша райбальніца адна з самых старэйшых у Магілёўскай вобласці, – адзначыў Павел Манько. – У мінулым годзе адзначылі 215-годдзе з дня яе заснавання.

Сабраць дакументальныя звесткі за такі перыяд аказалася не так лёгка. Збіралі літаральна па крупінках. З кожнага ФАПа, амбулаторыі. Затое вынік такой сумеснай плённай працы відавочны: у музеі цяпер захоўваюцца экспанаты па кожным раздзеле медыцыны.

– Дзіўным з’яўляецца тое, што столькі ўсяго захавалася, – заўважыў Павел Манько. – Уразіла якасць абсталявання: практычна ўсё знаходзіцца  ў працоўным стане.

Насамрэч, у музеі, які атрымаў сімвалічную назву “…Гэта было нядаўна. Гэта было даўно”, ёсць на што паглядзець. Нават ветэранам працы.

– Гэта добрая ідэя, – адзначыў ветэран медыцыны Алег КАВЕЦКІ, які 10 гадоў кіраваў калектывам ЦРБ. – Людзі, якія звязаны з медыцынай, з радасцю будуць прыходзіць сюды і ўспамінаць лепшыя моманты сваёй прафесійнай дзейнасці.

Не застаўся па-за ўвагай гасцей і стэнд гісторыі аховы здароўя, размешчаны ў актавай зале райбальніцы. Складаецца ён з чатырох частак – гісторыя стварэння ЦРБ, яе паэтапнае будаўніцтва; пералік галоўных урачоў і медыцынскіх сясцёр, якія шчыравалі на працягу ўсяго часу існавання бальніцы; ветэранаў установы і спецыялістаў, якія адказваюць за стан здароўя бялынічан на сучасным этапе.

Перагортваючы “старонкі гісторыі”, былым медыкам ёсць што ўспомніць і абмеркаваць, бо для іх гэта было нядаўна, хоць і было гэта так даўно…

Дарэчы, Павел Манько імкнецца зрабіць для ўстановы як мага больш, каб палепшыць якасць абслугоўвання пацыентаў, бо чалавечае здароўе заўсёды было вышэй за ўсё.

Зусім нядаўна за пазабюджэтныя сродкі набылі новую стаматалагічную ўстаноўку, якая каштуе, дарэчы, 2000 руб.

– Працаваць стала камфортней, – дзеліцца ўражаннямі ўрач-стаматолаг Ганна БУБЕНКА.

Новым апаратам могуць пахваліцца і ў дзіцячым аддзяленні райбальніцы. Індывідуальны прадпрымальнік Павел АГАРОДНІКАЎ бязвыплатна перадаў для цяжкахворых пацыентаў канцэнтратар кіслароду. Па словах Паўла Манько, гэты прыбор быў вельмі неабходны. Яго выкарыстоўваюць пры пнеўманіі, хранічных абструктыўных хваробах лёгкіх, бранхіяльнай астме, каб павысіць працэнт кіслароду ў крыві хворага. Таму што пры такіх дыягназах яго арганізм пакутуе ад недахопу кіслароду.

– Калі падключаюць да апарата, дыхаць становіцца лягчэй, – адзначыў і пацыент  Ігар ІГНАТОВІЧ.

У хлопчыка была выяўлена пнеўманія, дзякуючы лячэнню і працэдурам на новым апараце, Ігару ўдалося хутчэй пазбавіцца ад страшнай хваробы.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.  

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here