Больш за чвэрць стагоддзя ў пажарнай службе

0
117

У Кіраўскім раённым аддзеле па надзвычайных ситуацыях даўно сталі нормай цесныя і цёплыя ўзаемаадносіны паміж сённяшнімі супрацоўнікамі і ветэранамі пажарнай службы. Апошнія — частыя госці ў РАНС, цікавяцца сённяшнімі буднямі выратавальнікаў. У свой час, больш маладыя з павагай ставяцца да сваіх папярэднікаў, запрашаюць на святы і праводзімыя мерапрыемствы.

Знакавам быў адзін з апошніх сходаў ў райаддзеле з удзелам асабістага саставу і членаў раённага ветэранскага аддзялення БГА “Выратавальнік”. Дарэчы, арганізацыі нядаўна споўнілася 15 гадоў, і з гэтай нагоды шэраг былых пажарных Кіраўшчыны атрымалі памятныя медалі. А асаблівым момантам сходу стала ўшанаванне былога кіраўніка пажарнай службы раёна Міхаіла Васільевіча Шынкевіча, якому нядаўна споўнілася 75 год. Павіншаваць юбіляра прыехалі госці з Магілёва, якія па роду дзейнасці ў свой час цесна супрацоўнічалі: галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы Магілёўскага  абласнога ўпраўлення МНС,  старшыня абласнога Савета БГА “Выратавальнік” Баляслаў Протас і былы намеснік начальніка абласнога УМНС Уладзімір Пухаў.

… Лепшыя гады жыцця Міхаіл Шынкевіч прысвяціў складанай, спалучанай з рызыкай і небяспекай, але важнай і высакароднай справе — барацьбе з вогненнай стыхіяй. Дзякуючы высокай адказнасці за выкананне службовых абавязкаў, багатаму жыццёваму і прафесійнаму вопыту, ён унёс дастойны ўклад у станаўленне, развіццё і ўдасканаленне аварыйна-выратавальнай службы нашага раёна.

Родам Міхаіл Васільевіч са Слаўгарадчыны, тут прайшло дзяцінства, пачаліся юнацкія гады. У1961 годзе хлопец паступіў у Харкаўскае пажарна-тэхнічнае вучылішча Міністэрства аховы грамадскага правапарадку Украінскай ССР  — адно з трох па такім профілі ў былым Савецкім Саюзе.

Вучоба, якая фактычна была службай, давалася лёгка. Ужо праз паўтара месяца пасля паступлення ад кіраўніцтва вучылішча Міхаілу была аб’яўлена  першая падзяка. Усяго ж за час вучобы такіх падзяк было 11 (!): за выдатную  вучобу і прыкладныя паводзіны, узорнае нясенне службы, выдатную падрыхтоўку да экзаменаў, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, выдатнае стаўленне да работ пры ліквідаці аварый, за праяўленую пільнасць на пасту каля сцяга часці, у выніку чаго быў прадухілены пажар, за выдатную страявую выпраўку пры ўдзеле ў парадзе, прысвечаным 20-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне… Лагічным вынікам вучобы стаў дыплом з адзнакай.

Першымі месцамі службы Шынкевіча сталі пасады пажарнага інспектара, старшага пажарнага інспектара ў райаддзелах міліцыі выканкамаў Горацкага, Чэрыкаўскага, Слаўгарадскага райсаветаў дэпутатаў. На той час пажарныя інспекцыі былі структурнымі падраздзяленнімі РАУС.

Пачынаючы з 1973 года, жыццёвы і службовы шлях Міхаіла Васільевіча быў звязаны з Кіраўшчынай, куды ён разам з сям’ёй пераехаў згодна далейшага накіравання. Яго назначылі старшым інспектарам дзяржпажнагляду РАУС,  гэтая пасада па сутнасці на той момант адпавядала сённяшняй пасадзе начальніка РАНС. Толькі была выратавальніцкая служба тады зусім не ў такім выглядзе, як зараз. Як успамінае сам юбіляр, у пажарнай часці было ўсяго 12 чалавек, плюс 2 інспектары. Нагрузка, як лёгка можна здагадацца, на агняборцаў ускладвалася ў разы большая. Да таго ж, у разліку меліся ўсяго 2 пажарныя машыны, і ўмяшчальнасць ёмістасцей пад ваду была куды меншая, чым зараз. Пазней у асобных гаспадарках з’явіліся так званыя МАПы — міжгаспадарчыя апорныя пункты, дзе меліся свае аўтамашыны: яны ў выпадку пажараў падключаліся да тушэння.

У інспектараў дзяржпажнагляду было яшчэ шмат і дадатковай нагрузкі.  Толькі згодна непасрэднай работы па прафілактыцы пажараў ім удваіх трэба было тройчы на год праводзіць абследаванні на той момант больш за 20 на той момант гаспадарак у раёне. А паколькі пажарная часць уваходзіла ў структуру міліцыі, то даводзілася, як і іншым супрацоўнікам райаддзела, дзяжурыць згодна графіка, выконваць работу па ахове грамадскага парадку, патруляваць, выязджаць у рэйды. І адзначым, што Міхаіл Шынкевіч выдатна спраўляўся з усімі абавязкамі. Красамоўны факт: сярод неаднаразовых падзяк, аб’яўленых яму кіраўніцтвам, былі загадыі і з фармуліроўкай “…за ініцыятыву і настойлівасць пры раскрыцці асабліва небяспечных злачынстваў і праяўленае пры гэтым аператыўнае майстэрства”. Закрануўшы тэму ўзнагарод, нельга не адзначыць, што іх у паслужным спісе Міхаіла Васільевіча шмат, у тым ліку — медалі “За бездакорную службу” ўсіх трох ступеней,  “Ветэран працы”, нагрудны знак “Лепшаму работніку пажарнай аховы”, юбілейныя медалі, шматлікія Ганаровыя граматы.

Тыя, хто працаваў разам з Міхаілам Шынкевічам, адзначаюць уласцівыя яму прафесіяналізм, прынцыповасць, адказнасць і дакладнасць у рабоце. Гэтымі якасцямі ён па праву заслужыў павагу сярод работнікаў пажарнай службы. І сёння свой багаты накоплены вопыт ветэран ахвотна перадае маладому пакаленню.

Аляксандр ХАХЛОЎ. Кіравец

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here