Слаўны сын Кіраўшчыны

0
287

Жыццё многіх ураджэнцаў Прыдняпроўскага краю стала подзвігам, гераічнымі вобразамі яны ўвайшлі ў нарысы, мастацкія і дакументальныя кінастужкі, у іх гонар названы вуліцы, школы, гаспадаркі. У ліку такіх людзей і наш легендарны зямляк — Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы Кірыла Пракопавіч Арлоўскі. 13 студзеня спаўняецца 50 гадоў, як ён пакінуў жыццё. Вечная яму памяць…

Нарадзіўся К.П.Арлоўскі 30 студзеня 1895 года ў мнагадзетнай сялянскай сям’і ў вёсцы Мышкавічы. Бальшавік з 1918 года, удзельнік чатырох войнаў: Першай Сусветнай, грамадзянскай, вызваленчай вайны іспанскага народа і Вялікай Айчыннай. Легендарны камандзір партызанскага атрада, выдатны арганізатар калгаснага будаўніцтва, Арлоўскі заўсёды быў узорам няўхільнага выканання свайго службовага абавязку, куды б яго ні накіроўвалі, якія б заданні яму ні даручалі. «Мужны, смелы, зведаны, надзейны і адказны работнік», — так характарызаваўся ён у дакументах.

У роднай вёсцы Кірыла Арлоўскі скончыў царкоўна­прыходскую школу, у якой быў адным з самых старанных вучняў. Сярод сваіх аднагодкаў вылучаўся кемлівасцю, добрай памяццю і ўпартасцю. І ў далейшым, куды б ні закідваў лёс Кірыла Пракопавіча, ён заўсёды імкнуўся вучыцца.

Пры мабілізацыі падчас Першай Сусветнай вайны Арлоўскі трапіў у вучэбную каманду, і на перадавую Заходняга фронту прыбыў ужо унтэр­афіцэрам. Пасля ўступлення ў рады Камуністычнай партыі ў маі 1918 года быў накіраваны ў Аршанскую надзвычайную камісію, затым па заданні Бабруйскага падпольнага камітэта партыі арганізаваў і ўзначаліў партызанскі атрад, які дзейнічаў у тыле кайзераўскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, а таксама быў у ліку тых, хто абараняў Петраград.

Падчас польскай акупацыі Заходняй Беларусі ў 1920-1925 гадах Кірыла Арлоўскі кіраваў партызанскімі атрадамі па лініі «актыўнай разведкі» разведвальнага ўпраўлення РСЧА.

Ніякія цяжкасці не спынялі нашага земляка ў авалодванні ведамі. Ён закончыў Камуніс­тычны ўніверсітэт нацыянальных меншасцяў Захаду імя Мархлеўскага ў Маскве. Складана было пачынаць студэнцкае жыццё ў 30 гадоў, але былы партызан сеў за кнігі, вучыўся ўпарта. Вучобу спалучаў з працай на заводах сталіцы, а падчас канікулаў разам са студэнтамі выязджаў у камуны і саўгасы краіны, дзе выдатна спраўляўся з касой і плугам, як у свой час з вінтоўкай і кулямётам.

Яркай старонкай у біяграфіі К.П.Арлоўскага з’яўляецца іспанская эпапея. У ліку больш 40 тысяч антыфашыстаў­інтэрнацыяналістаў з 55 краін свету ён удзельнічаў у барацьбе супраць фашысцкіх мяцежнікаў генерала Франка на баку іспанскага народа. З невялікім атрадам у 12 чалавек адважны воін прайшоў сотні кіламетраў, узрываючы па дарозе масты, пускаючы пад адхон эшалоны, разграмляючы тылавыя гарнізоны праціўніка. Байцы вельмі любілі свайго камандзіра за яго выдатныя здольнасці разведчыка, востры розум, уменне імгненна арыентавацца ў самай складанай сітуацыі і прымаць правільныя рашэнні.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Кірыла Пракопавіч знаходзіўся ў Кітаі: аказваў дапамогу народу гэтай краіны ў барацьбе супраць японскай агрэсіі. Але ён ірваўся ў родную Беларусь, захоп­леную ворагам. У 1942 годзе ён сфарміраваў і ўзначаліў разведвальна-дыверсійную групу НКДБ, якая была закінута на акупіраваную нямецка­фашысцкімі захопнікамі тэрыторыю Баранавіцкай вобласці, а потым вырасла ў партызанскі атрад «Сокалы». Перад народнымі мсціўцамі стаялі складаныя і адказныя задачы: весці пастаянную разведку і паведамляць у Цэнтр звесткі аб размяшчэнні воінскіх часцей і аэрадромаў праціўніка, будаўніцтве складоў, абарончых збудаванняў. «Сокалы» праводзілі дыверсіі на чыгуначных і шасейных дарогах, знішчалі жывую сілу і тэхніку гітлераўцаў.

У час адной з баявых аперацый у лютым 1943 года невялікая група партызан на чале з Кірылам Арлоўскім знішчыла некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў фашысцкай адміністрацыі. Але ў няроўнай схватцы з ворагам камандзір лясных салдат быў цяжка паранены, часткова страціў слых, яму былі ампутаваны правая рука, чатыры пальцы на левай. За ўдзел у гэтай аперацыі К.П.Арлоўскаму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У Маскве бясстрашнаму камандзіру выдзелілі трохпакаёвую кватэру, яму была прызначана персанальная пенсія. Але наш зямляк цвёрда вырашыў вярнуцца на сваю малую радзіму — Кіраўшчыну. Галоўную ролю ў такім выбары адыграла яго стаўленне да зямлі. «З дзяцінства люблю я свой лясны край, сваю беларускую зямлю,— адзначаў К.П.Арлоўскі. — Што з таго, што радзіла наша зямля бедна, і для тых, хто не ведаў яе, лічылася няветлівай. Мне яна заўсёды была як родная маці!».

Па прыезде К.П.Арлоўскага ў Кіраўскі раён у 1944 годзе райкам партыі рэкамендаваў яго на пасаду старшыні калгаса «Чырвоны партызан» (які затым атрымаў назву «Рассвет»), і людзі на сходзе аднагалосна выбралі кіраўніком знакамітага земляка.

Родная вёска Мышкавічы, як і тысячы іншых, была разбурана, разрабавана, спустошана ворагам. Але Кірыла Пракопавіч не разгубіўся: з першых крокаў былі наладжаны строгі ўлік і кантроль. Прайшоўшы суровую школу жыцця, ён задаўся мэтай не толькі стварыць тут калектыўную гаспадарку, але і зрабіць яе ўзорнай. Свае знакамітыя чатыры «не» Кірыла Пракопавіч зрабіў у калгасе законам для кожнага: «не гультайнічаць», «не красці», «не п’янстваваць», «не пускаць слоў на вецер».

К.П.Арлоўскі напісаў ліст Сталіну з просьбай выдзеліць крэдыт для аднаўлення разбуранай вайной гаспадаркі і, у сваю чаргу, паабяцаў зрабіць «Рассвет» мільянерам. Дзяржаўныя сродкі былі зрасходаваны на закупку 80 цялушак кастрамской пароды і будаўніцтва ў 1946 годзе кароўніка. На наступны год пасеялі лён, ад рэалізацыі якога атрымалі мільённы прыбытак і вярнулі пазыку дзяржаве. Далей — болей. Праца людзей, кіруемых энтузіястам, хутка акупілася: калгаснікі атрымалі на працадзень па 2 кг збожжа, па 3 кг агародніны, а таксама па 6 рублёў грашыма.

Хутка пра «Рассвет» загаварылі не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі. У Мышкавічах з’явіліся жывёлагадоўчыя фермы, у засеках — збожжа, у калгаснай касе — грошы. Старшыня гаспадаркі быў вельмі суровым да ацэнкі працы калгаснікаў, і людзі зразумелі, што, каб павышаць дабрабыт, трэба шчыраваць сумленна і адказна.

Гістарычным для гаспадаркі стаў дзень 20 студзеня 1957 года, калі на сходзе калгаснікаў быў разгледжаны і прыняты калектыўны план развіцця гаспадаркі. У межах яго выканання ў маляўнічым месцы сярод ліпавых алей быў пабудаваны першы ў рэспубліцы ўласны санаторый. Наступным крокам стала будаўніцтва мясцовай сярэдняй школы: на завяршэнне работ Арлоўскі выдзеліў 200 тысяч рублёў уласных сродкаў. Праз год па яго ж ініцыятыве ў Мышкавічах з’явілася першая ў Беларусі калгасная дзіцячая музычная школа.

Калектыў «Рассвета» Кірыла Пракопавіч узначальваў на працягу 23-х гадоў. За добрасумленную працу і дасягненне высокіх паказчыкаў у 1958 годзе яму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Ён быў удастоены многіх іншых высокіх узнагарод.

Памяць аб К.П.Арлоўскім свята захоўваецца ў гісторыі раёна, сэрцах землякоў.

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here